Грамадзянін Беларусі!
Сёньня мы разам з табой жывем у лёсавызначальны для нашага народу і краіны час. Час, калі Беларусь стаіць на раздарожжы і толькі робіць першыя крокі ў самастойным дзяржаўным жыцьці.
Зараз, на мяжы тысячагоддзяў, у эру сучасных адкрыцьцяў і найноўшых тэхналёгіяў, не зьнікаюць пытаньні будучыні й месца старажытнага эўрапейскага народу. Як складзецца лёс Бацькаўшчыны і якой будзе будучыня беларускай нацыі залежаць ад нас - маладога пакалентня беларускіх грамадзянаў.
Аб'ектыўна ацэньваючы геапалітычныя працэсы пачатку ХХ ст., мы канстатуем: шанец, які зараз мае беларускі народ на адбудову сваёй дзяржавы можа быць апошнім і яго нельга згубіць.
Ужо сёньня прыйшоў час вызнычыцца кожнаму з нас і заняць сваю пазыцыю. ПРАВЫ АЛЬЯНС асэнсоўваючы сваю адказнасьць перад будучымі пакаленьнямі беларусаў, заклікае да ўсіх дзяржаўнамыслячых людзей, для якіх свой лёс і лёс Беларусі - непадзельнае, адзінае. Стаўшы побач з намі, ты ўвойдзеш у беларускае братэрства, дзе згодна са сваімі здольнасьцямі і магчымасьцямі зможаш спрычыніцца да сьвятой справы нацыянальнага адраджэньня і дзяржаўнага будаўніцтва.
Паняцьце ПРАВЫ выступае ня толькі сінонімам значэньня патрыёт, дзяржаўнік, кансэрватар, але і ў значнай ступені зьяўляецца тоесным слову Народны, Нацыянальны. Трэба разумець і тое, што правы - гэта адначасова і той, хто стаў на бок Праўды і Справядлівасьці правай справы. У беларускім грамадзтве слова правы ня мае таго негатыўнага арэолу, як на Захадзе, дзе часта атаесамляецца зь неанацыскімі арганізацыямі, альбо ў Расеі, дзе правыя - гэта лібэралы, рэфарматары.
Наш АЛЬЯНС неабходна разглядаць, як шырокае аб'яднаньне і нават рух блізкіх па поглядах асобаў, якія паядналіся дзеля дасягненьня і абароны агульных мэтаў.
Такім чынам пад ПРАВЫМ АЛЬЯНСАМ трэбы разумець шырокае патрыятычнае аб'яднаньне за Нацыянальную Дзяржаву, за Праўду, за Справядлівасьць.
Будзь разам з намі!
Наша справа правая!
Жыве Беларусь!
Паглядзі на права!
Сучасныя працэсы сусветнай інтэграцыі, глабалізацыі і, як вынік, міграцыі, цягнуць за сабой пэўныя праблемы эканамічнага складу і, натуральна, што закранаюць пытанні далейшага захавання этнакультурнай адметнасці і самастойнасці народаў, краіны якіх у гэтых працэсах непасрэдна задзейнічаны.
Размыццё культурных межаў, змяненне традыцыйнага ладу, дэнацыяналізацыя грамадства - ужо сёння вымушае ўлады заходніх краінаў рабіць захады па абароне сваіх традыцыйных каштоўнасцяў і нацыянальных здабыткаў.
Па ўсёй Еўропе, асабліва ў апошнія гады, можна назіраць, як заклапочанае пагрозай страты нацыянальнай культуры і ідэнтычнасці грамадства скіроўвае свой позірк на права, абіраючы праваарыентаваныя нацыянальныя рухі і партыі, якія традыцыйна стаяць на варце нацыянальных інтарэсаў сваіх народаў.
Сённяшняе паняцце "правы" - трэба разглядаць не з пазіцыі класічнага падзелу паводле стаўлення да эканамічнай мадэлі, а як арыентацыю на кансерватыўна-дзяржаўныя ідэі і каштоўнасці.
Не стаяць у баку ад агульнаеўрапейскіх тэндэнцый і нашыя блізкія суседзі: Літва, Латвія, Украіна, выбары ў якіх яскрава сведчаць, што і тут правыя ідэі набываюць усё больш сур'ёзныя формы свайго ўвасаблення. Але паралельна ўзнікае пытанне: чаму наша цэнтральнаеўрапейская краіна, дзяржаўнасць якой сягае карнямі ў ранняе сярэднявечча, не мае на сёння сур'ёзных нацыянальна-дзяржаўных сілаў, якія б адпавядалі народным спадзяванням? Адказ тут трэба шукаць у недалёкім мінулым.
У сярэдзіне 90-х, пасля эміграцыі Зянона Пазняка і значнага аслаблення БНФ, у беларускай палітыцы склалася сітуацыя пэўнага вакуума, калі з аднаго боку нацыянальна-дзяржаўная ідэя ігнаравалася і лічылася непаліткарэктнай згодна курсу на ўз'яднанне "брацкіх" славянскіх народаў, ці, з другога боку, стала "пакутніцкім крыжам" і сродкам матэрыяльнага ўзбагачэння.
Усё гэта, трэба аддаць належнае абодвум бакам, ніяк не спрыяла яе пашырэнню і ўспрыняццю народам. Як вынік - сённяшняе дэзарыентаванае беларускае грамадства, дзе большасць ўзгадаванага ў перыяд суверэнітэту РБ маладога пакалення беларусаў не бачыць тут сваёй будучыні. Кволыя крокі ачуняўшай улады па ратаванню грамадства праз новую дзяржаўную ідэалогію, і выхаванне патрыятызму ў моладзі праз БРСМ - не могуць мець поспеху без грунтоўнай традыцыяналістычнай асновы і, натуральна, выклікаюць адваротную рэакцыю. Бо нельга будаваць уласны нацыянальны дом на гістарычным замесе, паводле якога беларуская дзяржава з'явілася толькі ў XX-м стагоддзі.
Таксама стратэгічнай памылкай ўлады з'яўляецца падзел грамадства на сваіх і чужых поводле стаўлення да інтэграцыі з Расеяй, гісторыі, мовы. Дзяржаўнамыслячая ўлада павінна рабіць усё ад яе магчымае, каб аб'ядноўваць свой народ, абуджаць у ім нацыянальную свядомасць і патрыятызм, а не наадварот, як мы гэта часта бачым.
Таму сёння, сам час выводзіць на арэну беларускай палітыкі новую, маладую, дынамічную сілу правага кірунку, якая згодна з сваімі мэтамі і задачамі па ўмацаванню беларускай дзяржаўнасці і абароне нацыянальных інтарэсаў, мае адпаведную назву - "Правы альянс".
ПА - гэта высока ўзняты штандар нацыянальнага абуджэння.
ПА - гэта наш беларускі крок у агульнаеўрапейскім правым рухе.
ПА - гэта твая правая альтэрнатыва ўнутранай прымітыўнай саўковасці і забітасці!
Паглядзі на права - мы ўжо тут!
Наша ідэалёгія.
Час ад часу даводзіцца чуць у бок Альянсу словы – дыягназы: - A , правыя, нацыяналісты, маўляў, гэта кола апантаных беларусафілаў без асаблівых палітычных перспектываў - таму зь імі ўсё ясна. Але ня трэба губляць час, спрачацца ды даказваць адваротнае. Так, мы з гонарам прымаем імя нацыяналістаў, бо адным з цэнтральных стрыжняў “Прынцыпаў Правага Альянсу” зьяўляецца сьвятая Нацыянальная ідэя. Ідэя, якая падцьвердзіла сваю трываласьць і ня згубіла сваёй вартасьці праз стагоддзі, абуджаючы і сілкуючы жыватворнай крыніцай свой народ. Таму паважнае месца ў нашай ідэалёгіі займае беларусазнаўства - вучэньне аб беларускай нацыі.
Сусьветная гісторыя сьведчыць, што ніводная зь іншых сусьветных ідэалёгій, акрамя нацыяналізму, ня можа ў неспрыяльных умовах, за кароткі час, абудзіць і змабілізаваць народныя масы дзеля дасягненьня нацыянальных мэтаў.
Мы, беларускія патрыёты-дзяржаўнікі (нацыяналісты-кансэрватары), у адрозьненьні ад марксістаў і лібэралаў шануем свае спраўджаныя стагоддзямі нормы і лічым, што:
Галоўным і актуальным заданьнем нашай нацыі на сучасным этапе мы лічым барацьбу за нацыянальнае адраджэньне й адбудову свайго незалежнага нацыянальнага дому, які заняў бы сваё належнае месца між зьвязу эўрапейскіх дзяржаваў, дзе квітнела бы нарадаўладзе (дэмакратыя). Па дасягненьню гэтых мэтаў ідэалёгія нацыяналізму часткова трансфармуецца й набывае рысы ідэалёгіі кансэрватызму, каб закансэрваваць, замацаваць і зрабіць незваротнымі нацыянальныя здабыткі народу і дзяржавы.
Ідэя! Нацыя! Дзяржава!
Праект статута грамадскага аб'яднання "Правы Альянс".
The charter of public association the Right Alliance
Das Statut der offentlichen Organisation Die Rechte Allianz