Прынцыпы ПА:
Асноўнымі прынцыпамі ПА з'яўляюцца:
- любоў да роднай зямлі, яе культуры, традыцый, гісторыі;
- адданасць свайму народу і краіне;
- яднанне свайго лёсу з лёсам дзяржавы і народу;
- барацьба за свабоду і суверэнітэт Беларусі.
Мы - правыя (патрыёты-дзяржаўнікі).
Таму, што бачым у дзяржаве адзіную магчымасць сваёй жыццядзейнасці і рэалізацыі, і разумеем гэта як слова і справу.
Рану, нанесеную Радзiме, кожны з нас адчувае ў глыбiнi свайго сэрца. Патрыёт - першы, хто павінен выйсці ў цяжкую хвіліну на абарону народа і дзяржавы, ён мусіць рашуча адстойваць інтарэсы сваёй нацыі і краіны.
Наш нацыянальна-дзяржаўны патрыятызм мае свае безумоўныя патрабаванні: вера і служба сваёй дзяржаве - справа кожнага, незалежна ад сацыяльнага статусу альбо маёмаснага становішча - гэта святы абавязак.
Нашы запаветы.
1. Любі свой народ і свой край больш за ўсё на свеце і ўсё аддавай для яго росквіту і шчасця.
2. Вывучай гістарычную спадчыну і мінулае сваёй Радзімы.
3. Шануй мову і традыцыі свайго народа, клапаціся аб развіцці і папулярызацыі яго культуры, але пазбягай нацыянальнай самаізаляцыі і паважліва стаўся да культураў іншых народаў.
4. Змагайся за здаровы лад жыцця, асцерагайся наркотыкаў, п'янства, курэння. Ты павінен берагчы і выкарыстоўваць свае сілы на карысць народу і дзяржавы.
5. Будзь прыкладам як вонкавым, так i маральным у сваiм асяроддзi.
6. Сумленна стаўся да спраў і працы, бо толькі праца рук і духу стварае вялікае, прыгожае, вечнае.
7. Трымай высока свой гонар, сцеражыся тых, хто ілжэ, палохаецца i не трымае слова.
8. Заўсёды старанна выконвай нават невялікае заданне сваіх кіраўнікоў, бо толькі з дро-бязяў вырастаюць вялікія справы.
9. Малады беларус! Памятай, што ты будучы грамадзянін, вучыся чэсна жыць, шчыра працаваць і мужна адстойваць сваю годнасць і ідэалы. Юначка! Памятай, што ты будучая жонка i маці, вучыся быць вернай, гаспадарлiвай і працавітай.
10. Памятай, што шчасце, гонар і слава дзяр-жавы вышэй і даражэй за любы дабрабыт і прыватныя амбіцыі.
Беларуская мова.
На дадзеным этапе гістарычнага развіцця нацыі беларуская мова з'яўляецца безумоўным вербальным сімвалам усяго беларускага народу.
Пераважаная бальшыня нашых суродзічаў цудоўна ведае беларускую мову, але па розных прычынах не карыстаецца ёю. Таму важнай задачай з'яўляецца моваабарончая і прапагандысцкая дзейнасць, якая будзе скіравана на папулярызацыю і развіццё нацыянальнай мовы беларускай дзяржавы.
Нацыянальная культура.
Нацыянальная дзяржава ня можа быць пабудавана без адраджэння і развіцця высокай нацыянальнай культуры. Культура беларускага народу з'яўляецца яго абарончым валам супраць асіміляцыі і дэнацыяналізацыі. Сыходзячы з гэтага, ПА выступае за належную дзяржаўную падтрымку нацыянальнай культурнай сферы. Аб'екты культуры (тэатры, музеі, выставы і г.д.) павінны быць даступнымі для ўсіх сацыяльных групаў.
Таксама важнай задачай дзяржавы павінна стаць прыняцце і рэалізацыя закону аб рэстытуцыі - вяртанне беларускіх нацыянальных каштоўнасцей яе гаспадару - беларускаму народу.
Мы прысягаем на сімвалах беларускай нацыі і дзяржавы.
Кожная нацыя і дзяржава мае свае нацыянальныя і дзяржаўныя сімвалы. Традыцыйнымі сімваламі зьяўляецца герб, сцяг і гімн. Беларускімі нацыянальнымі сімваламі з'яўляюцца герб “Пагоня” і сцяг бела-чырвона-белага колеру. Гэтыя сімвалы праз вякі выкарыстоўваліся беларусамі для абазначэння сваёй нацыянальнай і дзяржаўнай прыналежнасці. Пад нацыянальнымі сцягамі нашымі продкамі здабывалася воля і слава Беларускага краю.
Нацыянальны герб Беларусі “Пагоня”: на чырвоным полі срэбны рыцар на кані з узнятым мячом і залатым шасціканцовым крыжам Еўфрасінні Полацкай на шчыце. Вядомы больш тысячы гадоў. Герб з'яўляўся дзяржаўным сімвалам Вялікага княства літоўскага, Беларускай Народнай Рэспублікі, Рэспублікі Беларусь. Ва ўсе часы з'яўляўся сімвалам адраджэння і нацыянальнай барацьбы беларусаў - пачынаючы з паўстання за незалежнасць Тадэвуша Касцюшкі і да сённяшніх дзён. Герб “Пагоня” адлюстроўвае моц беларуса, гатоўнасць даць адпор любому ворагу.
Нацыянальны сцяг Беларусі мае выгляд трох гарызантальна размешчаных палос - белага, чырвонага і белага колеру. Бел-чырвона-белы сцяг – сімвал незалежнасці, стаў дзяржаўным пасля развалу Расейскай імперыі ў 1918 г. (БНР), потым пасля развалу СССР у 1991 г. (РБ). Сцяжкі бел-чырвона-белага выкарыстоoвала наша войска з часоў ВКЛ.
Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь створаныя і прынятыя ў 1995 г., на вялікі жаль, не з'яўляюцца нацыянальнымі, таму ПА разглядае сучасныя сімвалы РБ, як часовую з'яву ў жыцці народа. Бяз нацыянальных сімвалаў - дзяржава ніколі не стане нацыянальнай. ПА асуджае сітуацыю ігнаравання і
забароны выкарыстання ў РБ нацыянальнай беларускай сімволікі.
Дзяржаўны гімн павінен адлюстроўваць гістарычнае мінулае, сучаснасць народа і даваць арыентыр на будучыню. Гімн Беларусі не павінен быць кан'юктурным, двухсэнсоўным і мусіць прымацца з удзелам шырокіх колаў грамадства.
Нашы асноўныя лозунгі:
"Жыве Беларусь!"
Агульнанацыянальны патрыятычны лозунг, які мае багатую гісторыю і стаў своеасаблівым беларускім вітаннем, на якое кожны павінен адказваць: "Жыве!" Гэтым лозунгам мы выказваем сваю вялікую любоў да Радзімы, ганарымся ёю (бо "жыве" у перакладзе-"vivat", "да здравствует"), а таксама жадаем ёй усяго найлепшага.
"Беларусь перадусім!"
Лозунг, які выражае нашу адданасць толькі аднаму - Беларусі! Беларусь стаіць для нас вышэй за ўсё, і яе інтарэсы для нас - закон. Мы прысягаем на вернасць Беларусі і хай, калі мы адступім ці здрадзім гэтым ідэалам, нас пакарае Бог.
"Наша справа правая!"
Дадзены лозунг акрамя акрэслення палітычных арыентыраў арганізацыі, сцвярджае ўпэўненнасць у справядлівасці і праўдзівасці нашых дзеянняў.
"Не народ для ўрада, а ўрад для народа!"
Словы-запавет правадыра беларускіх патрыётаў Кастуся Каліноўскага.
Іншыя лозунгі ПА:
"Беларусь належыць нам!", "Беларус - гаспадар сваёй зямлі!", "Беларусь, узніміся!", "Ідэя! Нацыя! Дзяржава!", "Слава Нацыі! Героям Слава!", "Дзяржаўнасць! Стабільнасць! Дабрабыт!", "Не аднімаць і падзяляць, а прыбаўляць і памнажаць!".
Мы і Еўропа.
Беларусь геаграфічна знаходзіцца ў цэнтры Еўропы. І гістарычна наша краіна з'яўлялася неад'емнай часткай Еўрапейскай супольнасці. Мы адны з старажылаў у зоне Магдэбурскага права і стваральнікі адной з першых канстытуцый Еўропы. Менавіта Бацькаўшчына нашых продкаў - ВКЛ - займала ў свой час адно з перадавых месцаў у стварэнні еўрапейскай мадэлі дзяржаўнасці.
Таму шлях Беларусі - гэта шлях да Еўропы. Менавіта ў аб'яднанай Еўропе беларусы змогуць паскорыць працэс уласнага адраджэння, пазбавіцца ад спадчынных комплексаў і негатыўных уплываў усходу, асэнсаваўшы сваё месца і ролю у сучасным свеце.
Тэрыторыі.
Па розных прычынах Беларусь напаткала вялікая геапалітычная трагедыя. Трэцяя частка беларускіх этнічных тэрыторый апынулася па-за яе межамі. У сучаснай Беларусі гэтае пытанне не атрымала належнага розгласу і рэзанансу, таму мы павінны прыцягваць увагу грамадскасці да гэтай праблемы.
Актыўна супрацоўнічаць і дапамагаць этнічным Беларусам замежжа ў іх праве на захаванне нацыянальнай культуры, традыцый, мовы і кансалідацыю. Дамагацца ад кіраўніцтва РБ абароны беларусаў замежжа, калі яны падвяргаюцца ціску і дыскрымінацыі па нацыянальным адзнакам уладамі краін, грамадзянамі якіх яны з'яўляюцца.
На працягу ХХ ст. у выніку дамоў без удзелу беларускага боку была згублена значная частка тэрыторый населеных этнічнымі беларусамі.
Да Расеі былі далучаны Бранская, Смаленская, а таксама частка Пскоўскай вобласці.
Да Летувы адыйшлi Віленская вобласць і некаторыя раёны з пераважна беларускiм насельнiцтвам Ковенскай. Да Латвіі была далучана Дзвіншчына (Даўгаўпілс).
Польшчы была падаравана Беластоцкая вобласць і раёны беларускага Падляшша. Гэтыя тэрыторыі цалкам уваходзілі ў склад дзяржаўных межаў БНР i часткова ў склад ССРБ, БССР.
Мы не мае тэрытарыяльных патрабаванняў да суседніх дзяржаў, але ўсе гэтыя тэрыторыі лічым беларускімі этнічнымі тэрыторыямі. Тут на працягу стагоддзяў пражывала этнічнае беларускае насельніцтва, якое пакінула багатую гісторыю і стварыла аўтэнтычную, самабытную культуру. Гэта спадчына з'яўляецца неадемнай часткай беларускай нацыянальнай культуры i патрабуе захавання i вывучэння, дапамогай нам служаць перапісы насельніцтва, шматлікія даследванні пачатку ХХ ст. вядомых вучоных (Карскі, Доўнар-Запольскі, Канчар i iнш.) і складзеныя імі этнаграфiчныя карты.
Нашы гістарычныя даты:
2 лютага (1838г.) - Дзень нараджэння Кастуся Каліноўскага, гераічнага рэвалюцыянэра, кіраўніка паўстання 1863г.
23 лютага - Дзень беларускага вайскоўца.
25 сакавіка (1918г.) - Дзень Незалежнасці (Дзень Волі). У гэты дзень Трэцяя Ўстаўная грамата Рады Беларускай Народнай Рэспублікі абвесціла БНР незалежнай і вольнай дзяржавай.
26 красавіка (1986г.) - Дзень аварыі на Чарнобыльскай АЭС (Дзень Нацыянальнага Смутку).
1 траўня - Свята Працы.
15 ліпеня (1410г.) - Свята Грунвальду (Свята перамогі пад Дуброўнай) - дзень перамогі аб'яднанага войска Беларускай і Польскай дзяржаваў над крыжакамі.
27 ліпеня (1990г.) - Дзень Адраджэння - наданне Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі сілы канстытуцыйнага закону, аднаўленне дзяржаўнасці.
8 верасня (1514г.) - Свята Аршанскай перамогі - (Дзень беларускай вайсковай славы). Беларускае войска ўшчэнт разбіла ў некалькі разоў большае войска Масквы i на пэўны час спыніла расейскія паходы на беларускую дзяржаву.
27 лістапада (1920г.) - Дзень Слуцкага збройнага чыну (Дзень Герояў). У гэты дзень пачаў баявыя дзеянні супраць бальшавіцкага войска Першы Слуцкі полк БНР.
Наша справа правая!