
Юрась Карэтнікаў - малады беларускі палітык новай генерацыі.
Кантакты: Skype - YURASKARETA; karetnikau@gmail.com; +375 29 7717340
Артыкулы:
Шаноўныя сябры!
У такіх варунках, калі дзяржава бачыць ў нашым Альянсе выключна ворага, калі прыняты “палаткай” скандальны законапраект канкрэтна скіраваны супраць той “небясьпекі”, якая сыходзіць ад дзейнасьці Правага Альянсу, мы мусім быць гатовыя - як да пэўных зьменаў формаў нашай дзейнасьці, так і да наступстваў з боку сучаснага рэжыму. Але асабіста для нас нічога не мяняецца: нашыя стратэгічныя мэты і задачы нязьменны да іх поўнага ажыцьцяўленьня.
Па паводзінам улады бачна, што гісторыя яе не вучыць і яна так нічога і не зразумела. Бо чым больш на кагосьці цісьнеш і штосьці забараняеш - тым больш гэтая сіла ці асоба гартуецца і набывае падтрымку ў грамадстве. Час хутка пакажа хто тут правы. Зразумела, што сёньняшні Правы Альянс не ўпісваецца ў азначэньне класічнай арганізацыі, забараніўшы законамі якую, можна чакаць яе самаліквідацыі. Нашыя шэрагоўцы і прыхільнікі даўно ведаюць, што як бы мы не называліся - учора БПС, сёньня аргкамітэт ПА, заўтра –прыхільнікі Юрыя Карэтнікава, (пакуль што прыхільнасьць да ідэй ці поглядаў асоб у нас не забаранілі), мы нікуды з нашай Краіны ня зьнікнем! Тыя сотні маладых патрыётаў, якія паядналіся на падмурку нацыянальнай ідэі пад шыльдай Правага Альянсу заўтра раптам ніяк не стануць бэрэсэмэ. Бо каб забараніць нас - трэба забараніць нацыянальную ідэю, беларускую гісторыю, традыцыі, культуру, мову - усё тое, што лучыць нас.
Але самае галоўнае, што варта забараніць законам, каб на будучае застрахавацца ад падобных Альянсаў- гэта забараніць сяброўства між беларусамі. Так, так, каб усе шыхтом і па лініі! Бо наш Альянс - гэта калектыў сапраўдных сяброў і аднадумцаў, дзе ў адрозьненьні ад іншых партый і арганізацый ніколі не плятуцца інтрыгі, няма барацьбы за пасады, адсутнічае крывадушша, Альянс які сваімі справамі не аднойчы даказаў, што сапраўды варты павагі. Таму браты, не падаць духам, чыноўнікі прыходзяць і сыходзяць - мы застаемся назаўжды! Самыя галоўныя змаганьні шчэ наперадзе.
Хачу скончыць свой зварот словамі народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, якія як ніколі трапна падыходзяць да сёньняшняга моманту:
... Нас могуць біць - аж да крывавых сьлёз,
Каб лёкаяў зрабіць з ахвяраў зьдзеку,
Але мы мусім адстаяць свой лёс.
Каб ён шчаслівы быў для нас да веку.
Таму – трывайма родныя браты!
Трывайма й верыма:
Нішто не сьпляміць і не асіліць
Нашай ПРАВАТЫ.
І нам яшчэ паслужыць наша памяць!
За імі ўлада - за намі праўда!
Дарагія сябры аднадумцы. Час патрабуе аналізу сітуацыі, якая склалася на палітычным полі Беларусі за апошні час. Бо, натуральна, узнікаюць пытаньні пра арыентыры нашага альянсу й банальнае - што рабіць нам у сучасных варунках. Можна па рознаму ацэньваць падзеі, якія адбываліся на працягу апошняга года пасьля прэзідэнцкіх выбараў, але трэба заўважыць некалькі істотных зьяваў: грамадскія працэсы, якія ўлады ціскам і рэпрэсіямі спрабавалі суцішыць - наадварот толькі паскорыліся; таксама варта канстатаваць - Расея перастала быць “вечна-надзейным сябрам” рэжыму.
Ракіроўкі, адмены ільготаў, адстаўкі, пасадкі - ускосна паказваюць: сёньняшняя краіна РБ 2007 - абрэчаная да зьменаў, нават пасьля плошчы Каліноўскага - яна ўжо стала іншай.
Пашырылася й ўсплыла барацьба клянаў вакол АГЛ, нягледзячы на растучыя страты ў іх шэрагах, уладныя групоўкі б’юцца амаль у адкрытыю. Відавочна, адчуваньне хуткага фінішу - падсьцёгвае іх да рашучых крокаў ды застаўляе ісьці на сур’ёзныя рызыкі. Нядаўна агучанае патрабаваньне “кормчага” аб навядзеньні парадку ў інтэрнэце пацьвярджае, што моладзь і сярэдняе пакаленьне дзякуючы сеціву ды сучасным якасным прадуктам мультымедыі ў сталіцы і буйных гарадоў Краіны - абірае прабеларускую грамадзянскую пазіцыю. І нашую працу ў гэтым накірунку трэба шырыць і разьвіваць. Студэнцтва і школьніцтва ўжо папросту не вядзецца на марыянетачны бэрэсэмэ і прымітыўную калгасную дзяржідэалёгію, бо імідж бэрэсээмаўца цесна зьвязаны з тымі забітымі хлапцамі з фоташопа белжабы “вечарына ў стылі БРСМ”, а абавязковы курс дзяржідэялогіі напэўна акрамя галоўных ідэёлягаў Рубінава й Пралескоўскага - ўсур’ёз наўрацьці хто ўспрымае. І гэта таксама правал сістэмы, бо без ідэалягічнага стрыжню, які мусіць тлумачыць мэтазгоднасьць сучаснага рэжыму тут і цяпер - цяжка яднаць народ і матываваць яго да нейкіх зьвяршэньняў. Кадравы рэзэрв расьцярушаны і малапрафэсійны, няма прытоку “ідэйнае” моладзі, а без маладых і адданых рэжыму - будучыні ў такой сістэмы няма. “А где возьмёш?”, як казаў клясык.
Акрэсленае вышэй - па сабе ўжо пэўны знак, такая ластаўка будучых працэсаў.
Другое: Масква пачынае ўсур’ёз займацца беларускай праблематыкай і паўстае ня толькі як зьнешні фактар, але і як моцны гулец на палітычнае прасторы Краіны. Што даволі небясьпечна й ня толькі для рэжыму.
Канфлікт з расейцамі быў даволі спрагназаваным, яшчэ летась увосень беларускага лідара - пачалі ўспрымаць як “кідалу”, які па просту, за абяцанкі-цацанкі “разьвёў” брацкага суседа на 60 мільярдаў “зялёных”. Таму канфлікт і пачаў вылазіць на блакітныя экраны абывацеляў акурат пад Каляды.
Роўна год таму, як толькі пагроза вымалявалася на даляглядзе - Правы Альянс распачаў кампанію “Радзіма – альбо сьмерць”, з мэтай прыцягнуць увагу да праблемаў дачыненьняў з Масквой. Дзясяткі тысяч друкаваных матэрыялаў, сотні графіці, расьцяжкі ў цэнтрах буйных гарадоў. І я думаю, што пытаньне б не стала для нас пайсьці бараніць Айчыну іншымі сродкамі. Яшчэ тады мы казалі пра магчымыя наступствы, якія зараз заўважны для ўсіх.
Сёньняшняя сітуацыя з Расеяй таксама ўзьняла пэўныя настроі ў грамадстве, пачаўся імклівы рост прыхільнікаў “ізаліцыянізму” Беларусі, да таго сацыёлягі канстатуюць зьмяншэньне аматарыў зьбліжэньня з усходняй суседкай. Праблема з энэргарэсурсамі, прынамсі, заставіла задумацца большасьць пра ролю й месца Беларусі й беларусаў у сьвеце, што па-вялікаму рахунку ня кепска для нашае справы.
Магчыма хтосьці радасна пачаў паціраць далоні, маўляў нарэшце “шурык” дапрыгаўся, і зараз яму пакажуць! Але гэта па меньшай меры недальнабачна, бо размова стаіць аб суверэнітэце Беларусі.
Пэўныя ілюзіі ёсьць у некаторых наконт зьмену курсу караблю, але на мой погляд - калі што й каньюктурна мяняецца ў рэжыму, то толькі часова й без ніякіх гарантыяў на беларусізацыю й грунтоўную дэверсіфікацыю папярэдняга. Хутчэй, проста згодна абставінам, часова склалася так, што на пэўным этапе - нацыянальныя інтарэсы й інтарэсы сп. Лукашэнка супалі, бо пытаньне незалежнасьці для яго зараз мае выразную асабістую зацікаўленасьць (непадлегласьць і недатыкальнасьць на пэўнае тэрыторыі). Да таго, крэмль ад свае задачы пераламіць беларускага кіраўніка праз калена не адмаўляецца, сёньня яму патрэбны даўно абяцаныя беларускія прадпрыемствы, транзіт і інш. Тым болей, спэцслужбы Расеі маюць элемэнты ўплыву, у тым ліку й кампрамат на ўсё бліжэйшае атачэньне (Шэйман, Паўлючэнка, Навумаў, сын Віктар) і думаю, што неўзабаве пачнуць ім карыстацца напоўную.
У змаганьні з крамлём улада часова можа станавіцца на незалежніцкія рэйкі й нават рабіць дробныя саступкі беларушчыне, але ясна, што сэнс, які мы ўкладаем у слова “Незалежнасьць” розьніцца з паняцьцем ўладным, якая ‘шчэ ўчора за магчымасьць трапіць у той самы Крэмль - гатовая была гэтую незалежнасьць зьнішчыць, а яе абаронцаў пасадзіць за краты. Ілюзій у нас наконт гэтага быць не павінна. Агучаныя эўрапейскія прапановы ў сьвятле напружаньня з расейцамі - рэжым да канца не адкідае, але па апошніх падзеях бачна, што сур’ёзных саступак ад яго чакаць не прыходзіцца.
Апазіцыя таксама памыляецца, альбо, што верагодней займае ўтульную пазіцыю, маўляў вось троху пачакаем больш адчувальнага крызісу, і тады, падчас сур’ёзных праблемаў у эканоміцы да нас звернуцца і будуць раіцца і дамаўляцца, а мы ім выставім умову дзяліцца ўладай. Вядома, што рэжым ніколі іх ня пусьціць “на свой кірмаш семечкамі гандляваць”, і гэта факт.
Паўсталы “ Рух за свабоду” - тут стаіць як бы асобна, а ў пытаньнях незалежнасьці нават справа, на мінулым кангрэсе дэкляравалі не чакаць, а змагацца за ўладу. Добра, калі сапраўды дэклярацыя й справа не разыйдуцца.
Нягледзячы на ўсе акалічнасьці, зьмены ў Беларусі ніхто спыніць ня зможа, замарудзіць, запаволіць - магчыма, але спыніць гэта - ўжо не пад сілу нікому.
Упэўнены, што хутка будзе час сур’ёзных пераломаў, калі ў нацыі зьявіцца шанец зрабіць зь дзяржавы Беларусь - Беларускую Дзяржаву. У той момант ўладу возьмуць здольныя, амбітныя й мэтанакіраваныя людзі, падобнае ў беларускай гісторыі ўжо было. Але пытаньне іх прабеларускасьці – сумнеўнае...
Нашая задача, каб гэтымі людзьмі – былі апантаныя беларускай справай, патрыятычна скіраваныя нацыянальна сьведамыя кадры.
Таму зараз, нашая галоўная праца - гартаваць эліту, і ўсур’ёз рыхтавацца да гістарычнага моманту, сам час хутка запатрабуе нашай прысутнасьці ў вышэйшых колах дзяржавы й палітыкі. Бо адраджэньне нацыі й дзяржавы адбываецца з адраджэньня яе эліты.
Маладыя, імпэтныя, здольныя, сумленныя, адукаваныя- тыя для каго ўласны лёс і лёс Беларусі непадзельныя – эліта Нацыі, прыклад для грамадства.
Сёньня, калі мы не можам дзейнічаць як арганізацыя, калі публічнасьць азначае рэпрэсіі - мы не павінны падстаўляцца, губляць у вязьнях кадры й рабіць заўчасныя ахвяры. Бо цяпер, як ніколі актуальным зьяўляецца гартаваньне ў нашай сябрыне вялікай колькасьці сыноў і дачок Беларусі, павязаных між сабой таварыскімі адносінамі, салідарнасьцю й нацыянальным сьветапоглядам. Кожны з нас мусіць быць жыцьцёва зацікаўлены ў пашырэньні нашага альянсу, па месцы навучаньня, працы, службы і г.д. – мы мусім агітаваць і далучаць новых прыхільнікаў, каб у пэўны момант мець сур’ёзны кадравы патэнцыял для пабудовы нацыянальнай дзяржавы. Такім чынам кожны з нас, хто падзяляе ідэі й каштоўнасьці Правага Альнсу мусіць будаваць уласную сетку сімпатыкаў. Для непасьвячаных - такі звычайны сьпіс сяброў у мабіле. І ні ў якім выпадку не вядзіце электронныя ці папяровыя сьпісы з падрабязнай карататэкай - ня трэба. Такое ніколі не віталася й ня будзе вітацца ў альянсе, усё што тычыцца новых прыхільнікаў павінна захоўвацца выключна ў вашай галаве.
Наш альянс - гэта кадравы патэнцыял новай Беларусі. Ніхто, акрамя нас саміх не ў праве вызначаць будучыню, палітыку й ўладу на Беларускае зямлі.
І калі ў нашым народзе жывы беларускі дух, то тады воля яго знойдзе тысячы шляхоў, каб прабіцца і з нашаю дапамогай здабыць сабе Краіну-мараў, АЙЧЫНУ БЕЛАРУСЬ!
Арыентыр - Нацыянальная дзяржава.
Прааналізаваўшы палітыку вышэйшай улады за апошнія дзясяць год у дачыненні да дзяржаўнага будаўніцтва і наладжвання нацыянальнага жыцця ў Рэспубліцы, можна адзначыць даволі істотную эвалюцыю падыходаў і поглядаў: ад антыдзяржаўных і антыбеларускіх дзеяў "пятай калоны" першых сямі год, да асэнсаваных і паслядоўных крокаў на карысць Дзяржавы апошняга часу.
Менавіта сёння, як ніколі раней, інтарэсы уладнага клану набліжаны да інтарэсаў дзяржаўных. Пагроза страты суверынітэту краіны з'яўляецца рэальнай небяспекай і для існуючай вертыкалі ўлады. Таму ўчорашнія душыцелі беларушчыны сёння мусяць змяніць ідэалагічны вектар і прымяраць тогу абаронцаў незалежнасці. Існуючая "эліта" наблізілася ўсвядамлення сваёй гістарычнай ролі, ролі адказчыкаў за будучае маладой беларускай дзяржавы і яе народу. Але савецкая партыйная школа і слабая нацыянальная свядомасць не дазваляюць гэтым функцыянерам дакладна вызначыцца і адкінуць васальную псіхіку, цвёрда стаўшы на ўласную дзяржаўна-патрыятычную пазіцыю, тым самым паспрыяўшы адраджэнню беларускага народу.
Але час бяжыць хутка, і сітуацыя патрабуе пераменаў, тым больш, што нельга ісці да нацыянальнага заўтра не пакінуўшы савецка-інтарнацыянальнага ўчора. Свядомая беларуская моладзь стамілася чакаць гэнай чарапашай эвалюцыі, ужо зараз ПА рыхтуе маладыя кадры для будучага Рэспублікі, паралельна мы ствараем прастору і асяроддзе, узаемадзейнічая з нашым грамадствам. У шэрагах Альянсу згуртаваліся маладыя патрыёты, якія маюць сваё бачанне ролі імесца беларускай нацыі і дзяржавы, бо нацыянальная дзяржава - наш адзіны ідэал і арыентыр.
Нацыянальная Дзяржава - гэта завяршэнне палітычнага самасцвярджэння народу, у выніку якога ён становіцца паўнавартасным гаспадаром свайго лёсу на сваёй зямлі, гаспадаром улады і рэсурсаў у сваёй дзяржаве.
Нацыянальная Дзяржава - гэта палітычнае ўтварэнне карэннага народу на яго ўласнай тэрыторыі дзеля дзяржаўнага забеспячэння сваіх інтарэсаў ва ўсіх сферах жыцця, з мэтаю адраджэння, развіцця і існавання нацыі ў часе.
Як нас сёння "адраджаюць" і "развіваюць", накідваючы паўсавецкую ідэалогію - мы бачым, таму "Правы альянс" дэкларуе - змагацца трэба не за штосці асобна вызначанае (дэмакратыя, рэформы, сацыяльны дабрабыт), а разам за УСЁ - за Беларускаю Нацыянальную Дзяржаву
Нацыянальная Дзяржава - гэта добра адладжаная сістэма, у якой улада і ўсе яе галіны і структуры - з'яўляюцца носьбітамі нацыянальнай ідэі і паслядоўнымі абаронцамі інтарэсаў свайго народу, як у самой краіне, так і на міжнароднай арэне.
Носьбітамі якіх ідэй з'яўляецца сёняшняя ўлада ў Беларусі? Адназначна адказаць цяжка...
Нацыянальная Дзяржава - гэта краіна, дзе вызначальным паказчыкам адзнакі дзейнасці кожнай структуры, кожнага палітыка, грамадскага ці рэлігійнага дзеяча, прамыслоўца, бізнэсоўца, кожнага грамадзяніна - з'яўляецца дабро народу, на карысць якога дзейнасць гэта скіравана ці запланавана.
Нацыянальная Дзяржава - гэта тая дзяржава, якая дзейнічае ў імя нацыі: у імя ўсіх адыйшоўшых, жывых і яшчэ ненароджаных, г.зн. памятаючы і выконваючы запаветы продкаў, задавальняючы інтарэсы сучаснікаў і дбаючы пра долю нашчадкаў.
Мы, маладыя беларусы, павінны здабыць нацыянальную дзяржаву ўжо ў нашым пакаленні, бо спадзявацца на іншыя не выпадае як. Без Нацыянальнай Дзяржавы праз два-тры пакаленні ніякіх беларусаў у Беларусі ня будзе: тут будуць жыць людзі без нацыянальнай памяці, без культуры, без нацыянальных памкненняў і гонару.
Таму сёння народ павінен усвядоміць: Беларуакая нацыянальная дзяржава - безальтэрнатыўны шлях развіцця дзяржаўнасці Беларусі!
Маладая эліта.
Адраджэнне кожнага народа пачынаецца з адраджэння яго эліты. Большасць сённяшніх дзяржаўных чыноўнікаў лічаць сябе прадстаўнікамі элітарнага пласту, так як знаходзяцца на вяршыні дзяржаўнай піраміды і належаць да вертыкалі адміністрацыйна-ўладнага клану. Але агульнанацыянальная эліта ня можа засяроджвацца і аб'ядноўвацца на матэрыяльных асновах, карысці і вузка планавых інтарэсах. Эліта павінна стрыжнем пранізваць і ўмацоўваць народны арганізм, стаяць на варце яго інтарэсаў і дбаць аб яго будучыні.
Прыкметнымі рысамі прадстаўніка эліты павінны быць такія асноватворчыя якасці, як: патрыятызм, сумленнасць, шляхетнасць, мужнасць, прафесійнасць і воля.
Ролю эліты ў гісторыі Беларусі перабольшыць цяжка. Традыцыйна яна з'яўлялася неад'емнай часткай беларускай нацыянальнай супольнасці, несла ў свой народ асвету, адукацыю, прагрэс, а ў цяжкія часы ўставала на яго абарону. Таму сёння працэс фармавання маладой беларускай эліты - з'яўляецца працэсам натуралізацыі, вяртання беларускай нацыі яе гвалтоўна вырванага нестаючага звяна, якое павінна злучыць і арганізаваць вакол сябе лепшыя творчыя сілы беларускага народу.
Усведамляючы тое, што моладзь - гэта будучае дзяржавы і ад яе выхавання залежыць якім гэта будучае будзе, арганізацыя ПА ставіць сабе за мэту стварэнне разгалінаванай, добрафункцыянальнай, структурызаванай арганізацыйнай сеткі, якая б ахоплівала ўсе сферы моладзевага жыцця і комплексна спрыяла фармаванню новай генерацыі высокадасведчаных беларускіх грамадзянаў - гаспадароў і абаронцаў сваёй зямлі. Выхаваныя на асновах патрыятызму, вернасці ідэалам і незалежнасці, яны ўжо заўтра стануць сапраўднай дзяржаўнай элітай, здольнай адказваць за лёс краіны і ўсяго народа.
У гэтыя дні абудзілася Нацыя.
Не так даўна, у самым пачатку вясны, увесь сьвет і ў першую чаргу самі беларусы сталі сьведкамі гэраічнага выяўленьня нацыянальнай волі. Ня гледзячы на сотні правакацыяў, брудныя паліт- тэхналёгіі і татальнае запалохваньне уладамі - вясна беларускай нацыі пачалася. А выбары, якія адбыліся з татальнымі фальсіфікацыямі і нябачным да гэтуль нахабствам сталі толькі каталізатарам падзеяў. Дзясяткі самых розных ацэнак таго што і як адбывалася ў гэтыя дні, як з боку ўлады так і апазыцыі сьведчаць аб тым, што ніхто зь іх ня быў падрыхтаваны да такога разгортваньня сітуацыі.
Разлік афіцыёзу, што нэўтралізаваўшы арыштамі напярэдадні выбараў тры сотні найбольш небясьпечных прадстаўнікоў апазыцыі і зачыніўшы рэгіёнам шляхі да сталіцы, яны саб'юць пратэстную хвалю, прынамсі яе абезгаловяць - не апраўдаў сябе. Апазыцыя не назірая радыкалізацыі грамадства пад час выбарчай кампаніі і надзвычай неспрыяльнае надвор'е ў дзень Х, чакала выхаду верных 15 тысячаў. Але менавіта 19 сакавіка, увечары, нешта адбылося, гэтае неасязальнае нешта павісла ў беларускім паветры, гэта адчувалася і ў паводзінах міліцыі і ў зьнешне спакойных настроях грамадзянаў, нават за кратамі, ў інфармацыйным вакуyме, гледзячы праз ваконную рэшку на анамальную завею я адчуваў ўсім сваім нутром – штосьці навокал мяняецца, не ведаючы што, але гэтая трансфармацыя пачалася і зьмена абавязкова будзе!
Па інфармацыі крыніцаў МУС – у гэты вечар больш як 30 000 грамадзянаў, лепшых сыноў і дачок Беларусі, выйшлі на цэнтральную плошчу Менску, гэта нават больш чым у першы дзень майдану ў 2,7 мільённым Кіеве, выйшлі нягледзячы на пагрозу сьмяротнага пакараньня і ўвязьненьня як тэрарыстаў, выйшлі не за кагосьці, а за сябе, адказваючы перад уласным сумленьнем, выйшлі, каб людзьмі звацца, назаўсёды забіўшы ў сабе раба . І вось менавіта пад час гэтага знакавага вечару - адбыўся чын нацыянальнай волі, народ які выйшаў у цэнтар сталіцы пазбавіўся страху, бо тыя хто пасьля амаль тыдзень запар выходзіў на беларускі майдан – назаўжды скінулі кайданкі і ўжо ня мелі комплексу прыгнечанасьці, людзі сапраўды вартыя мець гордае імя беларускай Нацыі. Яны адчулі лучнасьць вольных асобаў, тых, хто абраў для сабе як самакаштоўнасьць свабоду, яны сталі гатовымі да змаганьня за сваю будучыню, бо адчулі нацыянальную салідарнасьць. Толькі гэта - ўжо не параза для кожнага зь іх.
Атрымаўшы піраву перамогу, ведаючы што адбываецца ў цэнтры сталіцы і што ўжо 1 000 актывістаў за кратамі абсалютна не мяняюць сытуацыі, ён зразумеў, на плошчу выходзіць не звычайная апазыцыя, не тыя, хто запісаны ў картатэках спэцслужбаў, а абсалютна іншая фармыцыя людзёў пазбаўленых страху – і самае жахлівае што імя ёй - Беларуская Нацыя, тая якую ён з упартасьцю маньяка ўсе гэтыя гады душыў заганяючы ў савок, ні зьмена нацыянальнай сымболікі 11 год таму, ні закрыцьцё беларускіх школак і ліцэяў, не ўвядзеньне новай дзяржаўнай ідэалёгіі - нічога не дапамагло. Адмяняючы інагурацыю 31-га, сьціснуўшы зубы, галоўнакамандуючы адпраўляецца ў глыбокі накдаўн, адкуль такім як раней ужо ніколі не вернецца. А паветра ў Краіне ўжо паўсюль прасякнута пьянячай свабодай, глыток якой выклікае ўсё большую прагу і прызвычайваньне. Яго турмы - сталі універсітэтамі, а камеры аўдыторыямі патрыётаў. Апошні дыктатар Эўропы цудоўна разумее - час яго сыходзіць, і ўжо ніколі не атрымаецца кіраваць ачуняўшай Беларускай Нацыяй па калгасна-саўковаму і абяцаная падкантрольная лібералізацыя далёка не выйсьце...
Бо нават БТшнай прапагандзе вельмі цяжка растлумачыць беларускай моладзі тое, чаму хтосьці зьверху вырашае, дзе і кім ён будзе працаваць па сканчэньню ВНУ, чаму ў яго Радзіме шануюцца чужынцы Леніны-Сталіны, Кутузавы-Суворавы, а не ўласная нацыянальныя гэроі, чаму яго прымушаюць быць падонкам і “стучаць” на сваіх сяброў, нават тое, чаму ў турнэ такіх сусьветных зорак як Пол Макартні, Дэпіш Мод, Раксэт, ЮТу, Клаб Хэдс і інш. - адсутнічае цэнтральна- эўрапейская краіна Беларусь, за тое навалам розных баскавых і смолавых, якія маюць эфір, бо клянуцца ў каханьні да “бацькі”, Беларуская Нацыя ведае чаму, а ты?
Твая Справа.
У дадзеным артыкуле я ў першую чаргу хацеў бы зьвярнуцца да так званых аматараў “кухоннага змаганьня”. А менавіта да палахліўцаў, тэарэтыкаў, філосафаў, інтэлектуалаў, эстэтаў, ”сэмінарыстаў” і інш. “змагароў”, якія лічаць сябе, тым ня менш, беларускімі патрыётамі. Асобы, якія адносяцца да гэтай катэгорыі вельмі разнастайныя. Гэта і маладыя прыхільнікі правай ідэі, якія яшчэ не наважыліся што-небудзь зрабіць дзеля справы, гэта і грамадзяне, якія выкарыстоўваючы пэўныя атрыбуты нацыяналіста (сымболіка, мова і інш.), заўжды маюць сотні важных справаў і адгаворак, апраўдваючых іх уласную бязьдзейнасьць (камусьці трэба навучацца, зарабляць грошы, у кагосьці сям'я , лецішча, хтосьці палічыць за лепшае папіць піва з сябрамі, чым паклеіць улётку ці паўдзельнічаць у акцыі і г.д). Зразумела гэта і “вэтэраны руху, якія ў мінулым - дастаткова актыўныя людзі , вырашыўшыя зь нейкае прычыны, тыпу разчараваньне 1994, 1995, 1996, 1999, 2001 гадоў (працягнуць яны самі), што сваё яны адхадзілі-адзмагаліся. А нашчадкам што вы скажыце? Прасрал Краіну, таму што вырашыў, што сваё адваяваў? Добра, пакіну гэта на іх сумленьні. Пра розных прайдзісьветаў, для якіх барацьба стала крыніцай павышэньня ўласнага дабрабыту, лепш увогуле нічога не казаць, брыдка. Канечне, трэба ўзгадаць і шматлікую катэгорыю аматараў паразважаць на ўсемагчымых сайтах і форумах. Пераважная большасьць зь іх пустыя людзі, якія не зрабілі нічога дзеля агульнай справы і на ўрацьці штосьці зробяць. Тусуюцца сабе ў нэце і павучаюць адзін аднаго, як правільна рабіць рэвалюцыю. Нават калі атрымоўваецца паміж імі згода, гэтыя энтузіясты ніколі не пяройдуць да справаў.
Але ня гледзячы на ўсё гэта, неабходна так альбо інакш аб'яднаць гэты пярэсты спэктр прыхільнікаў нацыянальнай ідэі (а яны, безумоўна, яе прыхільнікі). Відавочна, што ўсе гэтыя людзі падтрымлівая нас на словах ня зробяць нічога, што патрабавала бы ад іх хоць якіх-небудзь значных выдаткаў, як грашовых так і часавых, пра рызыку свабодай і здароўем, само-сабою, казаць няма чаго. Але ў нашых інтарэсах і інтарэсах агульнай справы атрымаць з гэтага інэртнага і непаваротлівага “кухоннага войска” максымальна магчымы карысны каэфіцыент. А яны, пры ўсіх іх хібах, могуць прыносіць значна большую карысьць, чым прыносяць зараз. Галоўнае - знайсьці рацыянальны падыход.
Існуе вялікая колькасьць аматараў паразважаць на розных форумах. Штодня яны ўрубаюць свой комп, падключаюцца да сеціва і ганяюць там з сабе падобнымі, пасіўнымі нацыяналістамі, паражнякі аб тым, што трэба зрабіць пасьля прыходу да ўлады Пазьняка, Лябедзькі, Зубра і г.д., альбо:”давайце абмяркуем апошняе выказваньне Прэзыдэнта, ах які ён у нас самадур-дыктатар”... Яшчэ можна пусьціць хвалю гучнай заявай, якая акрамя самога глашатага ні на каго не паўплывае. Карацей, такія мілыя міжсабойчыкі. Пытаньне: А КАМУ ГЭТА ПАТРЭБНА?
Любіце нэт? Лезьце на “варожыя” сайты і форумы! Ёсьць талент спрачацца? - Разьбейце сваімі аргумэнтамі ўшчэнт іх варожыя міфы. Давядзіце іх сваёй атакай да гістэрыкі! Што? Пагналі з форума? Лезьце ў іншы, на гасьцёўні, чаты, туды, дзе ёсьць “вораг” і нетральныя наглядальнікі, каб зьнішчаць сваімі аргумэнтамі адных, і вербаваць у прыхільнікі іншых. Гэта нашмат карысьней пустаслоўя між сваімі. Залазьце на разнастайныя форумы, чаты, гасьцёўні, і пакідайце спасылкі на “нашыя” рэсурсы, бо большасьць нашых наведальнікаў адны і тыя ж. Іх шмат, але яны ўжо і так усе свае. Тыя жа хто лазіць у іншай частцы нэту (спорт, музыка, гумар, сэкс) - не пападаюць на “нашыя” сайты. Магчыма, і рады былі б, але проста не ведаюць аб іх. Трэба выходзіць за гэтае замкнутае кола, выносіць сваю прапаганду ў шырокія масы патэнцыйных прыхільнікаў. Акрамя гэтага рабіць графіці з нашымі назвамі і лёзунгамі, страшна? А што калі позна вечарам, па дарозе з трэніроўкі, напісаць крэйдай на асфальце перад прыпынкам адрэсу сайта? Зранку яе ўжо прачытае сотня–другая студэнтаў і працоўных. Цяжка? Тады прэсу якую чытаеце (“Наша Ніва”, “Народная Воля” і г.д.) кіньце не ў сьметніцу, а ў паштовую скрыню ў пад'ездзе. У любым выпадку, хужэй ад гэтага нікому ня будзе, толькі было б жаданьне.
Такім чынам, можна канстатаваць, што нават пасіўная барацьба разнастайна і карысна. І да напісанага мной любы інтузіяст зможа дадаць яшчэ шэраг варыянтаў таго, як можна зрабіць свой унёсак у агульную справу нічым пры гэтым не рызыкуя.
І яшчэ, вельмі хацелася б спадзявацца, што дадзены артыкул дапаможа тым, хто яшчэ з розных прычынаў не наважыўся стаць побач з намі, але жадае дапамагчы . Бо толькі з дробязяў вырастаюць вялікія справы!
Колеры, адзіныя для ўсіх нас.
Апошнія высілкі дзяржавы па ўкараненьню новастворанай ідэалёгіі ў масы, акрамя відавочнай мэты па ўмацаваньню цяперашняга рэжыму й стварэньню сучаснай мадэлі кантролю за грамадствам, перасьледуе і іншыя задачы. Адна з асноўных - падмяніць беларускую нацыянальную ідэю зусім іншым новатворам, што ў выніку павінна прывесьці да зьмяньшэньня агульнай колькасьці “нязгодных” і дазволіць яшчэ больш пасьпяхова маніпуляваць грамадскай думкай і электаратам. У вядомым рамане Дж. Оруэла (1984) ёсьць такія словы: ”Той, хто кантралюе мінулае, той кантралюе будучае. Хто кантралюе цяперашняе, той кантралюе мінулае”, якія дакладна адлюстроўваюць задуму тых, хто знаходзіцца ля руля ў Беларусі.
Перавярнуўшы і зьмяніўшы факты нацыянальнай гісторыі, пазбавіўшы беларусаў іх нацыянальна e ідэі, вытокі якой ляжаць у сярэднявечнай беларускай дзяржаве - ВКЛ, праз пэўны час новым ідэолягам можна будзе сьцьвярджаць пра асобную вялікую місію сучаснага рэжыма й апраўдваць любыя яго дзеі гістарычнай мэтазгоднасьцю.
Ідэя Нацыі на працягу стагоддзяў перашкаджала ўсім злачынным плянам ворагаў Беларусі. І зараз яна, як костка ў горле, на шляху да “усенароднага адзінства”, бо зьяўляецца яскравым апанэнтам і рэальнай альтэрнатывай ілжывай афіцыйнай дзяржаўнай канцэпцыі. Гледзячы на вонкавыя прыкметы й атрыбуты сучаснай дзяржавы нельга спакушацца ілюзіямі, сёньняшняя ўнутраная палітыка ўладаў, у вялікай ступені, скіравана на далейшую дэнацыяналізацыю й этнацыд беларусаў, што цалкам адпавядае й інтарэсам Расеі: стрымліваць нацыянальную сьвядомасьць у паўночна-заходняй суседкі на ўзроўні 80-х гадоў ХХ ст., каб і надалей культываваць у беларусаў комплекс непаўнавартасных “малодшых братоў”.
Асноўная праца зараз скіравана на моладзь, бо ўсе выдатна разумеюць - моладзь гэта будучыня дзяржавы і ад таго, на якой ніве яна будзе ўзгадвацца, залежыць тое, якой гэта будучыня будзе. Ня маючы зараз на Беларусі ні патрыятычнай нацыянальнай школы, ні сур'ёзных моладзевых медыя, якія б маглі комплексна ўзьдзейнічаць і выхоўваць маладое пакаленьне, мы мусім не спадзяваючыся ні на кога, самі ствараць тую сістэму каштоўнасьцяў і прыярытэтаў, якая б адначасова прываблівала моладзь і падкрэсьлівала яе нацыянальныя асаблівасьці.
У сучасным сьвеце існуюць прыклады, калі народы ў выніку рэпрэсій і асіміляцый страчвалі сваю мову, але праз стагоддзі пранесьлі сваю нацыянальную адметнасьць. Акрамя культуры й рэлігіі істотным фактарам супраціву народа зьяўляўся й іх традыцыйны зьнешні выгляд, які яскрава сьведчыў пра этнічную прыналежнасьць і індывідуальнасьць (шатляндцы, ірляндцы, індзейцы і інш.). Гэты прыклад у нашых варунках можа быць вельмі карысным. Сёньня, калі ў беларускім доме пануе “савок”, а сьвятыя нацыянальныя сымбалі і ідэя знаходзяцца пад афіцыйнай забаронай - мы мусім самі стаць іх носьбітамі й прапагандыстамі ў самым што ні на ёсьць прамым сэнсе.
Сучасны моладзевы стыль цудоўна дазваляе кампанаваць і рабіць шматлікія варыяцыі ў адзеньні з выкарыстаньнем традыцыйных нацыянальных к олераў. Але падыходзіць да гэтага трэба абачліва й заўжды кіравацца шляхетнасьцю ды акуратнасьцю ў падборы таго, што апранаць. Да таго ж вопратка мусіць адпавядаць тым фэшэн тэндэнцыям, якія існуюць зараз, каб максімальна падыходзіць па крытэрыям моладзі. Татаў камуфляж і каваныя “берцы” пакінем нацыяналістам ХХ ст.
Не дарма колерамі руху Аляксандра Мілінкевіча "За Свабоду", абраныя нацыянальныя беларускія колеры - чырвоны і белы. Правы Альянс ужо сёньня ўласным прыкладам сьцвярджае: быць маладым, сучасным і нацыянальна адметным - крута! Мы заклікаем усю беларускую моладзь далучацца да прапаганды нацыянальных колераў, якія па праву сёньня сталі колерамі салідарнасьці ў беларускім грамадстве. І тады ніякія рэжымы ніколі ня змогуць зьнішчыць нашую гістарычную памяць і сьвятыя сымбалі. Наша справа правая! Жыве Беларусь!
Расея павінна зразумець.
Апошнім часам на гарызонце двухбаковых адносін Беларусі й Расеі замаячыў пьяны ўгар рускіх шавіністаў пад назовам аншлюс , як лягічны працяг зацягнуўшагася сяброўства. Час ад часу інфармацыйны выкід робіць газэта “КомерсантЪ”, дзе са спасылкай на дакладную крыніцу ў Крамлі, выдае далейшыя расклады ў сфэры энергетычных адносін суседак, шакуючы беларускіх чыноўнікаў новымі коштамі на блакітнае паліва $100-150-200, зразумела, без ніякіх намёкаў на кепскі жарт. Зь першага абывацельскага погляду - ўсё даволі лягічна, гэта справы асобных суб'ектаў гаспадараньня, беларускі бок ня першы год упарта гне сваю лінію па “Белтрансгазу”, адфутбольваючы зацікаўленых расейцаў нерэальнай для тых лічбай продажу, а ўсходнему манапалісту “Газпраму” надакучыла субсідаваць “беларускае эканамічнае цуда” за ўласны кошт - і ніякай палітыкі.
Але гэта толькі падаецца, што справы ляжаць толькі ў эканамічнай прасторы. Разгледзім становішча Беларусі й яе кіраўніцтва пасьля выбараў. Абсалютнае непрызнаньне афіцыйных вынікаў сакавіцкіх выбараў з боку заходніх краінаў і далейшыя санкцыі з нарастаючым ціскам цывілізаванай супольнасьці, паўсталае грамадства, якое ўжо не магчыма кантраляваць прышчэпкамі страху ды прапаганды, да таго ж пахіснуўшаеся здароўе зноўку пераабранага.
А што Расея? Адмазаўшыся віншаваньнем з чарговай перамогай, Расея як набіраючы моц геапалітычны гулец спрабуе максімальна скарыстаць тупік разьвіцьця й ізаляцыю Беларусі на сваю карысьць. Фактычна, калі для беларускай улады заходні вектар абрублены, Расея праз натуральнага манапаліста “Газпрам” ставіць Лукашэнке ультыматум: альбо здавай праз рэферэндум краіну, альбо праз пару год сам папросішся. І ўсе гэта на тле моладзевых пратэстаў, “недалётаў” Сідорскага, выступаў Мілінкевіча ў НАТА. Час ад часу Крэмль праз свой кіруемы рупар Жырыноўскага зандуе рэакцыю грамадстваў на імперскія ініцыятывы, калі той агучыў адзін з варыянтаў аб'яднаньня -аншлюс Беларусі, нават без захаваньня якой-небудзь аўтаноміі й пасады прэзыдэнта, ўсё проста – 8-ая фэдэральная акруга Расеі. Да гэтага ж адкрыўся й сказаў, што абмяркоўваў гэтае пытаньне з самім ВВП. Пагадзіцеся, неяк ня ўпісваецца ў тон дыферамбаў лепшаму прэзыдэнту СНД, якія нам надакучылі круціць па БТ у час выбарчай кампаніі.
Але разумеечы, што захад такі варыянт не прызнае, да таго ж трэба захоўваць твар пры старшынстве ў G 8 Масква пачынае шматхадовую гульню каб легітымізаваць свае імпэрскія памкненьні. Крок першы: спыненьне беларускага цуда праз павышэньне коштаў на газ і забарону рээкспарту Беларусьсю па заніжаным коштам расейскай нафты. Крок другі: раскол празаходняй і пранацыянальай кааліцыі ды адстаўка Мілінкевіча, фармаваньне новай кантралюемай пракрэмлёўскай беларускай апазыцыі. Крок трэці: маючы некалькі рычагоў уздзеяньня - эканамічны (“Газпрам”) і палітычны (пракрэмлёўская апазыцыя), дэстабілізацыя беларускага рэжыму.
Пасьля ажыцьцяўленьня гэтых крокаў Расея, як котка з схопленай мышшу, рэалізуе свае імпэрскія гульні, што пры любых раскладах дае ёй патрэбны вынік.
Але адное, што ў такіх раскладах не ўлічыла Расея - гэта новае маладое пакаленьне беларусаў, якое ніколі не пагодзіцца са стратай суверэнітэту сваёй Радзімы. І калі дэмакратызацыі краіны можна пачакаць і 2 і 5 год, то з абдымкаў усходняга драпежніка, мы па гісторыі ведаем, можна вызваляцца стагоддзямі. Таму адказ пагрозе аншлюсу будзе адэкватны й Расея мусіць разумець, што акцыяй пратэсту і галадоўкамі моладзі гэта ня скончыцца. Хутчэй за ўсё ёй прыйдзецца адкрыць заходні фронт і разьлічвацца за інкарпарацыю жыцьцямі сваіх грамадзянаў. Гульні ў старэйшага брата тут не атрымаецца.
Масква атакуе.
У надыйшоўшым ХХІ ст. можна назіраць як зьмяняюцца формы і мэтады працы з грамадтвамі. Інфармацыйная прастора значна пашырылася і ў першую чаргу дзякуючы набраўшаму моц інтэрнэту, таму акцэнты працы зьмяшчаюцца і ўсё больш надаецца ўвагі сеціву як істотнаму сродку ўплыву на грамадскую думку. Для працы з беларускім электаратам - інтэрнэт найбольш перспектыўны імкліва разьвіваючыйся рэсурс, бо асноўныя яго карыстальнікі – прагрэсіўныя маладыя людзі, так бы мовіць будучая эліта краіны. Таму заўважна як і ў беларускай інфармацыйнай пасторы, паступова зьмяняюцца формы ўнутраных і зьнешніх ўзьдзеяньняў ды маніпуляцый.
Запушчаны праект Расеі пад назовам аншлюс-пачынае рэалізоўвацца па ўсім накірункам і калі асноўная яго дзейнасьць схавана і нябачна для звычайных абывацеляў, бо рэалізоўваецца па засакрэчаным схемам спэцлужбаў і прарысоўваецца толькі на вышэйшых узроўнях улады, то а прыоры праца з грамдскай думкай мусіць быць публічнай і яе цалкам магчыма адсачыць.
Нашых суседзяў з усходу, спадчынна хворых на бацылу імпер-шавінізму, рыхтаваць да паглынаньня суседняй Белай Русі не абавязкова – яны заўжды віталі любое ўзбуйненьне сваіх тэрыторый, а вось пэўную працу з беларускім электаратам праводзіць неабходна. Па адпрацаванай на ўнутрана-расейскай ліберальнай інтэрнэт-апазіцыі схеме, ўжо і ў найбольш папулярных беларускіх чатах і форумах на палітычныя тэмы раптам пачынаюць з’яўляцца схаваныя за абсалютна рознымі нікамі і аватарамі быццам бы выпадкова зайшоўшыя карыстальнікі. Гэтыя юзары заўважны добрым валоданьнем тэмы, заўжды маюць процьму спасылак для пацьвержаньня сваіх словаў і ніколі, ніколі не ўспрымаюць чужых аргумэнтаў , нават калі тыя відавочныя. Часта робяць правакацыйныя веткі з імперскімі тэмамі, накшталт, - “Присоединение к России”, “Русский реванш” і г. д., каб выявіць і ацаніць настроі па розных ініцыятывах, а пасьля скарэктаваць сваю дзейнасьць ці зрабіць аналітыку для кіраўніцтва. Трэба разумець, што гэтыя асобы, схаваныя за нікамі і суткамі запар седзячыя на форумах, далёка не выпадковыя карыстальнікі - гэта людзі са спэцаддзелаў лубянкі працуючыя ў расейскім ФСБ. Па падобнай схеме працуе і нашае дамарошчанае ГБ, якое нават увечары 19 сакавіка, пісала на ТUTе, што на плошчы нікога няма, ўсіх разагналі і г.д. хаця ў той жа час шмат дзе ў інэце быў он-лайн з бел. майдану.
Дык вось для пацьвержаньня маіх словаў у апошні час на самым буйным беларускім палітычным форуме tut.by, як грыбы пасьля дажджу, пачалі з’яўляцца розныя “kremlev”, “moskal2006” ды інш. “корешки”, якія выконваюць сваю спэцыяльную місію: а) аналіз настрояў у беларускага інтэрнэт грамадства, б) прадстаўленьне Расеі як склаўшагася геапалітычнага полюса на прасторах Еўразіі, г) пашырэньне ідэяў непазьбежнасьці самога аншлюсу і непаўнавартасьці бел. дзяржаўнасьці. Месца жа саміх беларусаў імі вызначана дакладна - інтэграцыя ў адзіны і непадзельны расейскі народ, нават абяцаюць пуцінскую дэмакратыю як альтэрнатыву лукашызму.
Шаноўныя сябры, змагаца з паўзучай акупацыяй мусіць кожны, незалежна ад уласных перакананьняў, паміж сабой - мы можам спрачацца і ўрэшце знойдзем паразуменьне, а вось Радзіма ў нас адна... Як варыянт супраціву фсбшным інтэрнэт прыхадням выкарыстоўваем вельмі эфектыўны ігнор, няхай гэта будзе нашым сьціплым “адказам Чэмбэрлену”.
А ўвогуле, мы як авангард маладой Беларусі павінны быць непахісны ў абароне сваіх сьвятых каштоўнасьцяў.
І кожны хто спакушаецца на нашу дзяржаўнасьць мусіць чуць у адказ наша рашучае - Радзіма альбо сьмерць! Разам нас багата, акупант - да хаты!!!
Ад РБ - да Нацыянальнай дзяржавы.
Так сталася, што мы жывём у постсавецкую эпоху, эпоху практычную і прагматычную, дзе дамінуючыя каштоўнасці - рацыяналістычныя, спажывецкія і ўтылітарныя. Кар'ера і матэрыяльны дабрабыт лічацца самамэтай, а не сродкамі дасягнення духоўнай гармоніі і свабоды. Сучасны прагрэс усё больш псіхілагічна падрывае індывідуальную самасвядомасць і стварае пагрозу для аўтаноміі чалавека.
Масавае савецкае грамадства змянілася на яшчэ больш масавае постсавецкае, дзе інфармацыйныя камунікацыі, сусветная глабалізацыя і адсутнасць нацыянальнай ідэі спарадзілі адчуванне небяспекі і няўпэўненасці ў беларускага народа. Беларусы, як ніводны з былых народаў СССР, пацярпеў ад гвалтоўнай саветызацыі, дэнацыяналізацыі і іншых дэструктыўных працэсаў мінулай эпохі. Традыцыйны ўклад жыцця народа за 70 год быў цалкам зменены новым - савецкім. За гэты час у большасці насельніцтва ўкаранілася і пачала дамінаваць калектыўная псіхалогія з неабмежаваннымі спадзяваннямі на дзяржаву.
Гэта ў пэўнай меры з'яўляецца адказам на пытанне, чаму сучасны рэжым з яго планавай эканомікай і адсутнасцю свабодаў, задавальняе прагу многіх беларусаў да бюракратычнай дзяржавы, дзе менавіта да дзяржавы кожны грамадзянін павінен звяртацца дзеля атрымання адукацыі дзецьмі, за паслугамі па ахове здароўя, абаронай, судатворчасцю, камунікацыямі, інфармацыяй і магчымасцю адпачынку.
Але нават сучасная РБ з усімі яе мінусамі і хібамі ўжо сама па сабе з'яўляецца вялікім шанцам для беларускага народа. РБ - гэта часовы, прамежкавы ланцуг ў жыцці нацыі паміж савецкім учора і нацыянальным заўтра. Сённяшняя РБ праз унутраныя законы, выкарыстанне пашпарту і нацыянальнай валюты адасабляе сваіх грамадзян ад іншых і з цягам часу надае ім пачуццё адметнасці. У перыяд хуткіх зменаў ва ўласнай Рэспубліцы, беларускае грамадства атрымлівае абяцанні парадку і стабільнасці ад сваёй улады, а не ў новай імперыі ад чужых уладароў.
Але РБ яшчэ трэба зрабіць вялікую эвалюцыі на некалькі дзесяцігоддзяў наперад, каб разглядацца сваімі грамадзянамі сапраўдным утульным нацыянальным домам, надзейнай абаронцай ад любой знешняй варожасці і ўнутранага разладу. Толькі тады, калі РБ пачнуць цесна звязваць з нацыянальнай гісторыяй і тэрыторыяй , Яна ператварыцца ў сапраўдную Нацыянальную дзяржаву, у мару беларускіх патрыётаў-дзяржаўнікаў.
Сыходзячы з гэтага, задачай ПА з'яўляецца паскарэнне неабходных для стварэння Нацыянальнай дзяржавы працэсаў, робячы іх незваротнымі.
Беларускі ўсход. Наша Смаленшчына.
Асабіста для мяне, пытаньне беларускай Смаленшчыны шчыльна зьвязана з маім родам па бацькоўскай лініі, родам Карэтнікавых. Мой дзед, Уладзімер Карэтнікаў, быў карэнным "смаляком", як сабе сам называў, і нарадзіўся ў вёсцы Дзянісаўка рослаўскага раёну смаленскае вобласьці. Таму, гісторыя, культура, традыцыі й самавызначэньне беларускае Смаленшчыны, раней аднаго з чысьцейшых крывіцкіх рэгіёнаў, уласна для мяне й сёньня не губляе цікавасьці, а ў гістарычнай перспектыве й актуальнасьці.
Дарагія сябры аднадумцы й шаноўныя наведвальнікі нашага рэсурсу, гэтым артыкулам я буду рады адкрыць вам малавядомую старонку беларушчыны й пазнаёміць вас з гісторыяй і лёсам адной з прыгажэйшых частак нашае Бацькаўшчыны - Смаленшчынай. Бо каб быць паўнавартасным беларусам, кожны з нас мусіць ведаць і шанаваць багатую культуру й гісторыю нашага спрадвечна беларускага, смаленскага краю.
Гісторыя Смаленшчыны
Паводле А. Трусава
А што там на беларускім Усходзе, чым гэтае места было для Беларусі й чым яно ёсьць для нас цяпер? Ці закрытае смаленскае пытаньне? І ўвогуле - ці дастаткова ўвагі мы надаем Смаленску, аглядаючыся на сваю гісторыю? У беларускае Сярэднявечча там жылі Клімент Смаляціч і Аўраамі Смаленскі. Менавіта ў тэксьце гандлёвай дамовы смаленскіх купцоў з Рыгай ад 1229 году навукоўцы ўпершыню фіксуюць лексычныя асаблівасьці беларускай мовы. Менавіта там у канцы XIV стагодзьдзя жыў Лука Смаленец, аўтар вядомага беларускага літаратурнага помніку «Смаленскі псалтыр». Менавіта ў Смаленску была складзеная славутая «Пахвала Вітаўту» і так званы Беларуска-Літоўскі Летапіс 1446 году. Менавіта з-за гэтага места нашая дзяржава вяла бясконцыя войны з Масквой, менавіта за Смаленск і Смаленшчыну паклалі галовы тысячы й тысячы беларусаў, і менавіта смаленскае суперніцтва з Маскоўшчынай у значнай ступені перадвызначыла гістарычны лёс цэлай старой Беларусі.
Беларускі характар гэтай зямлі не выклікае сумненьняў. Гэта сёньня расейцы, у патрэбе часу, называюць тамтэйшыя гаворкі паўднёва-заходнімі рускімі. А вось калі пагрозы ў выглядзе беларускай дзяржавы не існавала, напрыклад у 1868 годзе, яны падавалі аб Смаленску іншую інфармацыю. Паводле дадзеных Смаленскага статыстычнага камітэту, тады 68% насельніцтва Смаленскай губэрні былі беларусамі. А ў цэнтральных і заходніх паветах губэрні гэтыя лічбы набліжаліся да 100%. У Красьненскім павеце беларусаў было 95%, у Рослаўскім - 94%, у Смаленскім - каля 91%, у Парэцкім - 90%, у Ельнінскім - 90%, у Духаўшчынскім - 87% і ў Дарагабускім - каля 81% насельніцтва. 30% небеларускага насельніцтва ў губэрні даваў сам Смаленск, зрусыфікаваны за 300 год палону. (гл. "Смаленская губэрня"
Статыстычныя дадзеныя. 1868 г.) Смаленскія крывічы трошку адрозьніваліся тым, што яны прыйшлі на памежныя землі. Але на тэрыторыі Смаленшчыны да XII стагодзьдзя існавала ўсходнебалцкае племя Голядзь, і смаленцы яго асымілявалі даволі позна, балты існавалі яшчэ ў XII стагодзьдзі, ня кажучы ўжо пра VIII-IХ-Х стагодзьдзі. Іншая справа, што на Смаленшчыне крывічы сутыкнуліся і зь фіна-вугорскімі плямёнамі, бо гэта была мяжа паміж балтамі й фіна-вуграмі. І гэты элемэнт фіна-вугоршчыны ў смаленцаў мае месца. Дарэчы, пскоўскія крывічы ўжо напалову зьвязаныя зь фіна-вуграмі, г. зн. нашмат больш, чым смаленцы. Таму дасьледаваньні нашых археолягаў па Полаччыне ў карціну засяленьня балцкіх абшараў крывічамі нічога новага не даюць.
Нашая Смаленшчына зноў падняла галаву ў канцы ХІХ - пачатку ХХ стагодзьдзя. Напрыклад, калі на Ўсебеларускім Кангрэсе ў сьнежні 1917 году, дэлегаты Віцебшчыны й Магілеўшчыны выступалі за аўтаномію Беларусі, дык смаленцы разам зь віленчукамі выступалі за поўную незалежнасьць. Потым Смаленск адыграў велізарную ролю праз пару год, калі ў Смаленску была абвешчаная БССР. І вось гэтыя моманты паказваюць, што пытаньне Смаленшчыны - тое самае, што й пытаньне Страсбуру, Эльзасу й Лятарынгіі, ў француска-нямецкіх дачыненьнях.
Смаленшчына для Беларусі - гэта своеасаблівая адмета, своеасаблівы сымбаль як беларускага адраджэньня, гэтак і заняпаду. Як толькі пытаньне Смаленшчыны ўзьнікае - заўжды Беларусь становіцца на ногі й адраджаецца. Гэтаксама й як толькі яно зьнікае з гістарычнае карты, дык і Беларусь у заняпадзе. Вось канкрэтныя прыклады. Пасьля бітвы пад Воршай Смаленск застаўся ў складзе расейскае дзяржавы. І гэта прывяло да таго, што троху пазьней прыйшоў у Беларусь Іван Жахлівы, захапіў і вынішчыў Полацак і зьнішчыў, фактычна, Полаччыну як этнакультурны рэгіён. І мог ён гэта зрабіць толькі маючы ў руках Смаленск. Аднак калі Расея сама трапіла ў цяжкае становішча - так званы Смутны час - і калі польскі кароль і вялікі князь літоўскі Жыгімонт у 1609 годзе штурмам узяў Смаленск, сытуацыя рэзка зьмянілася, і Вялікае Княства Літоўскае ў першае палове ХVII стагодзьдзя дасягнула апошняга ўзьлёту. Гэта быў апошні ўсплёск ягонага росквіту, росквіту матэрыяльнае культуры й дойлідзтва.
1860 году, беларусаў у Смаленскай губэрні налічвалася 1 122 000, а вялікаросаў (расейцаў) - 520 000, у адсотках - 68% і 32%. Атрымалася так, як ні дзіўна, што Смаленская губэрня была адной з самых беларускіх. Чаму? Таму, што колькасьць жыдоў была тут мінімальная. Мяжа аселасьці адрэзала гарадзкое жыдоўскае насельніцтва ад Смаленшчыны. І невыпадкова, што яна была такой беларуска-сьведамай. У гарадах Смаленшчыны, за выключэньнем тых, што трапілі ў склад Магілеўскае губэрні, жыдоў было значна меньш альбо зусім ня было. Ёсьць тут пэўныя паралелі з Беласточчынай. Бо Віленшчына й Вільня - гэта ўсё ж сэрца Вялікага Княства Літоўскага, сэрца й сталіца Беларусі. Смаленск ніколі, за выключэньнем аднаго дня - 1 студзеня 1919 году - не прэтэндаваў на сталіцу Беларусі ці БССР. Ён адзін толькі дзень быў сталіцай. Але ён для нас мае такое самае значэньне, як на захадзе Горадня.
Большая частка Смаленшчыны магла трапіць у склад Беларусі ў 30-х гадох, да гэтага ішло. Нават былі надрукаваныя ў «Зьвязьдзе» карты БССР, дзе некалькі паветаў Смаленшчыны павінны былі з дня на дзень увайсьці ў склад БССР. На Смаленшчыне існавалі беларускія школы, і пытаньне ўзьяднаньня заходняй часткі Смаленшчыны з БССР фактычна было вырашанае. Толькі рэпрэсіі 30-х гадоў спынілі гэты працэс. Таму, каб Смаленшчына тады трапіла ў склад БССР, дык сытуацыя зь беларускай мовай і культурай была б нашмат лепшая, чым цяпер. Таму што ў гэтых вёсках Смаленшчыны людзі і цяпер размаўляюць, фактычна, па-беларуску.
Далучэньне Смаленску да Беларусі дало б нам іншую мэнтальнасьць, дало б нам магчымасьць цяпер гаварыць з усходнім суседам на іншай мове - на мове роўнага з роўным. Бо аднясеньне мяжы Маскоўскае дзяржавы на 200-300 кілямэтраў на ўсход, гэта тое самае, як, напрыклад, Беласточчына ў складзе Беларусі. Знаходжаньне Смаленску ў складзе Беларусі дало б нам магчымасьць дасягнуць падчас апошняга адраджэньня значна большых вынікаў. Ня кажучы ўжо пра тое, што смаленскія землі цяпер - пустыя, незаселеныя, мы маглі б вырашыць пытаньне з чарнобыльскімі перасяленцамі. Невыпадкова чарнобыльцаў пасялілі ў Дрыбіне, гэта на самай мяжы Смаленшчыны. Можна было засяліць і Краснае, і Дарагабуж, і іншыя раёны, бо цяпер там жыве па 10-15 тысяч чалавек, фактычна гэта пустыя землі.
У 1990 годзе група дэпутатаў апазыцыі Дэмклюбу, у якую ўваходзілі Пётра Садоўскі, Дзьмітры Булахаў і Зянон Пазьняк, ездзілі у Вярхоўны Савет РСФСР у Маскву. Па розных пытаньнях. У тым ліку сустракаліся й з прадстаўнікамі Смаленшчыны, дэпутатамі ВС РСФСР ад Смаленска. Ну й краналі пытаньне пра магчымы рэфэрэндум - дзе быць Смаленшчыне, у Беларусі, БССР тагачаснай, ці ў Расеі? Як на гэта глядзіць мясцовая эліта? Бо тыя дэпутаты й былі прадстаўнікамі мясцовае эліты - прадстаўнікі райкомаў, абкомаў Смаленскае вобласьці й г.д. На дзіва, усе яны выказаліся «за». Яны сказалі, што каб толькі гэты рэфэрэндум адбыўся, каб нам не перашкаджалі, мы б усе перайшлі ў Беларусь. Таму што ў той час Беларусь жыла нашмат лепш, чым Смаленшчына, і яны заўсёды глядзелі на Беларусь, як, напрыклад, палякі глядзелі на Нямеччыну, ці ўсходнія немцы на заходніх. Што зьдзівіла, дык гэта тое, што гэтыя людзі (а большасьць зь іх былі прыехаўшы на Смаленшчыну пасьля вайны, бо ў вайну гэты край быў цалкам зьнішчаны) былі патрыётамі Смаленшчыны па духу. Многія зь іх выпісвалі газэту «Зьвязда», а усе яны слухалі Беларускае Радыё, нават, некаторыя «ЛіМ» чыталі... І гэта далёка не інтэлігенцыя, гэта партыйная намэнклятура. І яны выказалі сваё меркаваньне - каб такі рэфэрэндум адбыўся ў 1990 годзе, дык Смаленшчына безумоўна далучылася б да БССР.
А ўвогуле, цікавая гэта рэч - узбуйненьні тэрыторыі БССР. Аказваецца, яшчэ ў 30-х гадох газэта «Зьвязда» друкавала мапы Савецкае Беларусі са Смаленшчынай уключна. Гэта гаворыць аб тым, што айцы БССР троху думалі пра сваю вотчыну... Напрыклад ў 1945 годзе, адразу пасьля вайны, Вярхоўны Савет БССР вынес пастанову пра ўключэньне Ўсходняй Прусіі разам з горадам Кёнігсбэргам-Калінінградам у склад БССР, матывуючы гэта патрэбай Беларусі выйсьці да мора. Мы ж тады мелі й Беласточчыну. Але Масква мела іншыя пляны. Пастанову ў Крамлі скасавалі, а хутка й Беласточчыну падаравалі палякам. З тэрыторыяй нам у тым стагодзьдзі моцна не шанцавала.
Дарэчы, апошні кавалачак Смаленшчыны далучыўся да Беларусі ў 1964 годзе - гэта былі 8 вёсак калгасу «Путь Коммунизма», які ўвайшоў у склад Беларусі падчас хрушчоўскае адлігі.
Так сталася, што лёс беларускай дзяржаўнасьці й барацьбы беларусаў за нацыянальнае самавызначэньне - дастаткова трагічны. У пач. XVI-XVII ст. беларускі народ, асабліва рэшткі былой эліты-шляхты, падвергліся апалячваньню. У пазьнейшы час, у царскае Расеі, само існаваньне беларусаў ставілася пад сумнеў - размова калі й ішла, то аб выключна "русском" насельніцтве заходніх губерній.
Пад час грамадзянскае вайны ў пач. ХХст. беларуская дзяржаўнасьць пачала адраджацца ў двух узаемавыключаючых формах - нацыянальна-дэмакратычнай і савецкай.
Пасьля першай сусьветнай вайны й ганебных замірэньняў падзел стаў яшчэ й геаграфічным - Заходняя Беларусь засталася за Польшчай. Так бальшавікі расплаціліся за авантурны паход на Варшаву.
Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР) была прагалошана 1 студзеня 1919 года ў адным з буйнейшых беларускіх гарадоў Смаленску. 5 студзеня новы ўрад пераехаў у Менск, 31 студзеня усерасейскі цэнтральны выканаўчы камітэт (ВЦИК) прызнаў незалежнасьць новае рэспублікі. Але ў жніўні ўся тэрыторыя БССР была захоплена Польшчай і толькі праз год часткова занята савецкімі войскамі. 31 ліпеня 1920 года сход камуністычных і прафсаюзных арганізацый паўторна прагалосілі незалежнасьць. Але ж 70% этнічных тэрыторый Беларусі-апынулася па за яе межамі. У 1924 годзе да БССР былі далучаны Віцебская, частка Гомельскай і два паветы Смаленскае губерніі.
Але палітыка РСФСР па ўтрыманьню этнічных беларускіх земляў у сваім складзе была трывалай і фактычна акупацыйнай, таму й ня мела падтрымкі беларусаў. Згодна меркаваньняў тагачасных беларускіх камуністаў: "такая недальнабачная палітыка узмацняе й актывізуе ўсё правае антысавецкае крыло беларускіх арганізацыяў у Польшчы, Латвіі, Чэхаславаччыне й Летуве. Далей за эміграцыяй і ў БССР пачынаюць мелькаць антысавецкія настроі частцы беларускай нацыянал-дэмакратычнай інтэлегенцыі".
Нават камуністычнае кіраўніцтва БССР, якое па паходжаньню ў сваёй большасьці было не беларускім - лічыла, што: "беларускі "нацыяналізм" сілкуецца непасьлядоўнасьцю ў нацыянальнай палітыцы ў СССР, яе адставаньнем ад прынятых рашэньняў і няскончаным адмежаваньнем тэрыторыі БССР. Усю Гомельшчыну, частку Пскоўскай і Смаленскай губерній і рускія, і беларускія гісторыкі адносяць да Беларусі, а далучэньне частак Смаленшчны і Гомельшчны да БССР (1924) мела надзвычай станоўчае палітычнае значэньне для беларусаў і іх эміграцыі, узмацніла сярод заходніх беларусаў аўтарытэт БССР. Але рэзка адмоўныя настроі выклікакла жаданьне Савецкай Расеі пакінуць у сваіх межах беларускую Смаленшчыну".
Але палітыка русіфікацыі імкліва разгортвалася на ўтрымліваемых абшарах. Вось што напрыклад пісала адна з савецкіх газэтаў пра савецкую нацыянальную палітыку на Смаленшчыне ў 1926 г: "Ад уласнага смаленскага карэспандэнта. Усе, хто ведае гісторыю, хто знаёмы з нацыянальным складам Савецкага Саюзу, ведае, што ў Смаленскай губерніі жыве дастаткова вялікая колькасьць беларускага насельніцтва. Я не буду казаць аб тых лічбах, якія даў перапіс 21- 23 гадоў (па гэтым лічбам у гор. Смаленске налічваецца каля 6000 белорусаў, а па губерніі-каля 81 тысячы).
Я вазьму тое, што піша акадэмік Карскі, той Карскі, якога абвінаваціць у беларускім шавінізме ніяк нельга. У сваёй кнізе «Белорусы», Варшава, 1903 г., ст. 187, ён піша: «...Количество белорусского населения Смоленской губернии довольно точно определяется в обзоре Смоленской губернии за 1901 год, Смоленск, 1902 г. (всеподданнейший доклад губернатора). Здесь в белорусских уездах, за исключением городского населения, показано 920042 чел. Если прибавить сюда за 2 года прирост населения (1,5%)-27784, то получим белорусов в Смоленской губернии 947826 человек. Это число довольно близко к действительности, так как и в городе есть белорусы, но, с другой стороны, и великорусы имеются по селам в белорусском районе, особенно около железных дорог. Эта цифра недалека будет от той, которою определялось число белорусов в Смоленской губернии в 1860 году (1 122000). Ср. [Живописная Россия-111, 442 статья С. Максимова».
Вядома, што лічбы зьменшыліся, бо частка беларускага насельніцтва русіфікавалася, частка губерні ў сувязі з раянаваньнем далучана да Беларусі, але яшчэ беларускае насельніцтва Смаленска варта лічыць сотнямі тысяч.
Смаленскі жа гарсавет надумаў, што беларусаў у Смаленску няма, аб іх ня варта казаць і на сваім паседжаньні ў кастрычніку пастанавіў, каб сродкі, якія былі прадугледжаны па бюджэту Смаленскага губернскага аддзелу народнай адукацыі на культурна-асьветніцкую працу сярод беларускага насельніцтва гораду на 27/28 навучальны год, перадаць ны жыльлёвае будаўніцтва.
Зразумела, што жыльлёбудаўніцтва рэч добрая, сродкі туды патрэбны, але неабходна падумаць і аб тым, што ў Смаленску няма ніякіх культурных беларускіх установаў, што не будзе магчымасьці зарганізаваць ні кружкоў, ні якой-небудзь сталай культурна-асьветніцкай працы. Трэба ўзяць пад увагу й тое, што праца сярод беларускага насельніцтва Смаленшчыны пачалася нядаўна, гады 2-3 таму, што яна не зусім яшчэ моцная, што яе трэба падтрымліваць. Гэтае жа пастанаўленьне гарсавету зьнішчае працу, не дае магчымасьці разгарнуць яе. Неабходна Смаленскаму гарсавету паклапаціцца не толькі аб будаўніцтве жытла, але і аб культурным абслугоўваньні беларускага насельніцтва Смаленшчыны".
Нярэдкімі былі скаргі на несваечасовы выплат заробкаў беларускім настаўнікам, на адсутнасьць магчымасьцяў набыць кнігі ды падручнікі для беларускіх школак і бібліятэкаў, падпісацца на свае газэты. Варта адзначыць, што ў той жа самы час, іншыя мясцовыя этнічныя групы мелі задавальняючую падтрымку для ажыцьцяўленьня навучальнай і культурна-асьветніцкай працы ў сваім народзе. Смаленскае камуністычнае небеларускае кіраўніцтва баялася далучэньня да БССР і ўвесь час пісала ў Маскву пра традыцыйную, культурную, прамысловую і іншую повязь рэгіёну з "вялікарасеяй" РСФСР і пра немэтазгоднасьць аб'яднаньня зь Беларусьсю. Адначасова хуткімі тэмпамі праводзілася русіфікацыя.
Але й сёньня, кожны, хто падарожнічае па смаленшчыне - можа пабачыць заўважную прысутнасьць народнай беларускай культуры ў гэтым рэгіёне. Беларуская мова й звычаі дагэтуль перахоўваюцца вясковым жыхарствам старэйшага веку. Вось, напрыклад, узоры дыялектнай мовы тых мясцін Смаленшчыны, дзе ў мясцовых гаворках даволі адчувальны беларускі кампанент. Прыводзяцца ўзоры запісаў зробленыя студэнтамі Смаленскага педагагічнага інстытута ў час дыялекталагічных экспедыцыяў у 70-я гады XX ст.
Дарагабужскі раён: Дайтя хать разок глытануть, усё у роти пирясохла. Што ни дяреуня, то и паверья: у кожный гоман свой. Деуки, гаманитя тиха, пускай малиц заснеть.
Дзямідаўскі раён: День дажыдала, пакуль аццапливыли вагоны. И матка, и батька путяный, а ён блукуняицца тока. Нада матку паслухать. У жупаны и шубы прншывались гаплюки, такии жалезный крючки. Мы ужу спим, а яны усё гамынять.
Духаўшчынскі раён: Гусей манють с возира: гали-гали, гали-гали. Ну и гарна ж ён гаварить, заслухацца можна. Гланула кваску халодныга. Яблыня вырысла гылинастыя тыкая бяс сонца. Яны и дома ни были гардываты, и у людях будуть паслухмяный. Ён у возири растеть. Ета у кузни гарно. Вот типлятки кыла курицы гарнулись. Жыветь как гаспадыня и нужды ни знаить. Лён гылавистый урадиуся.
Краснінскі раён: Пынайшли у хату цыгани, гаргочуть, а я ничога ни панимаю. Тихан, як ашалеу, дык, бувала, выйдить с хаты й гайкыить на крыльце. Лигла, думала засну. Иде ж тут заснеш!
Манастыршчынскі раён: Сашка гандлюить уваусю: раздау свае игрушки рибятым, а тэя яму жилизяк усяких нывалакли.
Рослаўльскі раён: Во у Маньки такей малиц ёсь, тожа дужа галузливий.
Сафонаўскі раён: Ты ня слухай бабьй гамонки, у книгу гляди. Ты к Машки схади: во хто гамануха, нагаворить табе, што хош.
Смаленскі раён: У мяне скора у гароди свае гурки будуть. Сянни буду пастивить кароу на гарохвиннику. Была матка жыва, усих гарнула к сабе, а тяперь паразъехались хто куда. Ина гамануха, а ты маучуння. Ина ж девычка спакойныя, ни гарезница. Дакеда вы учора прапалоли? Яны падравнивалы сена, ти што там касили. Дочка мне гаворить: чаго ты гайдырам ходиш?
Ярцаўскі раён: Табе усё мала, ты усё гняпиш. Ни гайкый, усе рауно нй пушшу на вулицу. Ужу дваццыть гадоу, а вам усё б галивать. Ён кричау гвалту, ды нихто ня услышау. Воука, хватить табе гирить, дай мячик, иди дамоу. Чаго йта гуси гаргатали ноччий? Ти ня тхорь лазить?
Ельнінскі раён: Ганки раншы звали, типерь крыльцо.
Пачынкаўскі раён: У том доми бабы гаманливыи жывуть, идитя к йим. Гарелку купляють яшшыкыми и самй гонють. Етыт гурок гаркавый, ня еш яго.
Можам канстатаваць невялікае адрозьненьне ад дыялектаў суседняй віцебскай вобласьці.
Тое самае можна пабачыць і ў традыцыйным адзеньні. Як і па ўсёй Беларусі - істотную ролю ў жаночым строі смаленшчыны граў палатняны галаўны ўбор - намётка. Вось як напрыклад відавочца пры апісаньні Вазьнясенскага кірмашу ў Смаленску ў канцы 19ст. адзначае адзеньне сялянак з навакольля: "...белые балахоны, пестрые кофты и напоминающие турецкую чалму головные уборы. Повязка женская из тонкого холста аршина в четыре, "наметка" (Бельский уезд и "намётка" (Ельнинский уезд). Намётка придаёт женскому костюму этого региона национальный колорит. В данном комплексе женского костюма доминирует белый цвет. Основное цветовое пятно - андарак, поддержанный небольшими цветными полосами ткачества и вышивки на рубахах, насовках, наметках."
Сьведка адзначае істотную розьніцу традыцыйнага мясцовага касьцюму ад вялікарасейскага.
Але, што зараз? Ці незваротна зьнікне беларуская цыввілізацыя ў смаленскай старонцы, ці звыкліся, зьмірыліся смалякі са сваім жыцьцём па-за Бацькаўшчынай? Ці назаўсёды забыліся пра сваё паходжаньне й карані? Нажаль, палітыка дэнацыялізацыі, русіфікацыі - зрабіла сваю справу, але далёка яшчэ не канчаткова.
Ёсьць сьведчаньні аб паваеннай беларускай анты-бальшавіцкай партызанцы на Смаленшчыне. Выходзіла нават беларуская пранезалежніцкая газэта "Пад абцасам маскалёў", якую падпольшчыкі распаўсюджвалі па вёсках і хутарох, на скрыжаваньнях гасьцінцаў краю.
Нават у сучаснай Расейскай Федэрацыі засталіся прабеларускія настроі ў частцы мясцовай смаленскай эліты.
У кастрычніку 1998 года на прэс-канферэнцыі ў МЗЭС РБ губернатар смаленскай вобласьці Прохараў паведаміў: "Смоленщина была седьмой областью при создании Белоруссии, к сожалению, нас тогда отделили". Спадар Прохараў нават плянаваў адзначыць у сваёй губерніі 80-ю гадавіну заснаваньня БССР.
І сёньня наш беларускі ўсход, ільняная Смаленшчына - застаецца этнічнай зямлёй крывічоў-беларусаў, нашай духоўнай і культурнай спадчанай, якая патрабуе захаваньня й вывучэньня.
І не так важна, што гэтая тэрыторыя знаходзіцца ў складзе іншай дзяржавы. Гістарычна так склалася, што яна месьціцца на памежжы й ў розныя часы пераходзіла з пад аднаго ўладараньня да другога. Галоўнае, што мы самі ведаем і памятаем пра нашае радство й еднасьць. І калі мы, беларусы, будзем мець нацыянальную дзяржаву, лепшы ўзровень жыцьця й нацыянальныя памкненьні, то гісторыя нам шчэ паспрыяе, бо як вядома разьвіваецца па сьпіралі.
Ю. Карэтнікаў